КЛУ́БНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

самастойныя культ.-асв. ўстановы, якія дзейнічаюць у сферы вольнага часу людзей з мэтай стварэння спрыяльных умоў для адпачынку, развіцця творчых здольнасцей, задавальнення культ. запатрабаванняў розных груп насельніцтва. Тыпы К.у. вызначаюцца ў залежнасці ад асн. кірункаў дзейнасці. Бываюць аднапрофільныя і шматпрофільныя. Да К.у. належаць клубы, дамы, цэнтры і палацы культуры — сельскія, гар., занальныя, раённыя, абл., рэсп., прамысл. прадпрыемстваў, дзярж. устаноў, грамадскіх арг-цый, навуч. устаноў, аўтаклубы, плаваючыя культбазы (перасоўныя К.ў.) і інш. Асн. задачы К.у.: зберажэнне і развіццё традыцый нац. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш.

У Беларусі на 1.1.1997 каля 5 тыс. К.у., у т. л. ў сістэме Мін-ва культуры 4246, з іх 3273 у вёсцы.

В.​Т.​Маліноўскі.

т. 8, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)